1 верасня 2021 г. ўваходзіць у моц Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 2021 г. № 107 “Аб біяметрычных дакументах”
01.09.2021 г.1 верасня 2021 г. уваходзіць у моц Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб біяметрычных дакументах”, у адпаведнасці з якім будзе ажыццяўляцца выдача (біяметрычных) ідэнтыфікацыйных картак і біяметрычных пашпартоў. Адначасова Пасольствам Рэспублікі Беларусь ва Украіне будзе працягнута ажыццяўленне наступных працэдур:
выдача (абмен) пашпарта для пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь;
абмен пашпарта грамадзяніну, што пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь і выехаў за межы Рэспублікі Беларусь для часовага знаходжання (г.зн. пры наяўнасці ў пашпарце адзнакі аб рэгістрацыі па месцы жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь);
аднаразовае падоўжанне тэрміну дзеяння пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь.
Згодна з Указам стаўка консульскага збору за выдачу (абмен) ідэнтыфікацыйнай карты складае 25 еўра, за выдачу (абмен) біяметрычнага пашпарта грамадзянам, якія не дасягнулі чатырнаццацігадовага ўзросту, — 40 еўра, iншым грамадзянам — 100 еўра.
Важна адзначыць, што, аднойчы атрымаўшы ідэнтыфікацыйную карту, грамадзянін губляе права ў далейшым атрымаць (вярнуць) (небіяметрычны) пашпарт дзеючага ўзору. Біяметрычны пашпарт можа быць выдадзены толькі пры наяўнасці ідэнтыфікацыйнай карты альбо пры адначасовай падачы дакументаў на афармленне ідэнтыфікацыйнай карты і біяметрычнага пашпарта. Грамадзянін можа мець не больш за два біяметрычныя пашпарты.
Грамадзянам, дакументаваным пашпартамі для пастаяннага пражывання за межамі Беларусі (серыі РР) і якія стаяць на пастаянным консульскім уліку ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь ва Украіне, выдача ідэнтыфікацыйнай карты і біяметрычнага пашпарта ўпершыню будзе ажыццяўляцца ў нашай замежнай установе.
Грамадзянам, якiя не аформiлi пастаяннае пражыванне за межамі Рэспублікі Беларусь і дакументаваны пашпартамі “ўнутранай серыі”, выдача ідэнтыфікацыйнай карты і біяметрычнага пашпарта ўпершыню будзе ажыццяўляцца падраздзяленнем па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі грамадзяніна па месцы жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
У далейшым абмен вышэйзгаданых дакументаў можа праводзіцца як замежнымі ўстановамі, так і органамі ўнутраных спраў без прывязкі да месца пастаяннага пражывання грамадзяніна.
Грамадзянін, што аформіў праз Пасольства пастаяннае пражыванне за межамі Рэспублікі Беларусь пасля 01.09.2021, здымаецца з рэгістрацыйнага ўліку па месцы жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь на падставе паведамлення замежнай ўстановы, якое накіроўваецца ў гарадское або абласныя ўпраўленні па грамадзянстве і міграцыі па месцы апошняй рэгістрацыі.
Разам з тым, напачатку функцыянавання сістэм збору і апрацоўкі біяметрычных і персанальных даных магчымыя збоі з тэхнічных прычын. У гэтых умовах на першым часе працэс абслугоўвання грамадзян можа ўтвараць некаторыя нязручнасці (напрыклад, працяглы працэс збору даных, наяўнасць чэргаў, працяглае чаканне).
З прычыны складанасці і працаёмістасці працэдуры, аб магчымасці наведаць Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне па пытанні атрымання ідэнтыфікацыйнай карты і біяметрычнага пашпарта просім ўдакладніць загадзя.
Замежустанова загадзя дзякуе вам за разуменне і просіць прабачэння за магчымыя нязручнасці.
З павагай,
Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне