Суайчыннікі
Рэспубліка Беларусь і Украіна – суседнія краіны са старажытнымі гістарычнымі і культурнымі сувязямі.
Згодна вынікам перапісу насельніцтва Украіны 2001 года ў краіне пражывае 276 тысяч этнічных беларусаў.
Беларусы кампактна пражываюць у раёнах украінска-беларускага этнічнага памежжа на Палессі, Валынскай, Ровенскай, а таксама ў Жытомірскай, Днепрапятроўскай, Данецкай, Запарожскай, Луганскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Харкаўскай абласцях і горадзе Кіеве.
У 2003 годзе этнічнымі беларусамі г.Кіева быў створаны Усеўкраінскі саюз беларусаў (УСБ). На пятым З'ездзе УСБ, які адбыўся ў кастрычніку 2020 года ў г.Кіеве, старшынёй саюза пераабраны Лайшаў Пётр Уладзіміравіч. Асноўная мэта арганізацыі – аб'яднанне намаганняў членаў УСБ для рэалізацыі іх агульных інтарэсаў дзеля захавання нацыянальнай, культурнай, моўнай, рэлігійнай самабытнасці беларускай суполкі Украіны.
На сённяшні дзень у склад УСБ уваходзіць 15 рэгіянальных грамадскіх аб'яднанняў беларусаў, якія дзейнічаюць у гарадах Вінніца, Данецк, Днепрапятроўск, Жытомір, Запарожжа, Ізяслаў (Хмяльніцкая вобласць), Львоў, Мелітопаль, Нікалаеў, Адэса, Роўна, Сумы, Харкаў, Чарнаўцы, Чарнігаў .
Арганізацыі беларускай дыяспары Украіны праводзяць мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай культуры і па захаванні яе самабытнасці ў рэгіёнах пражывання. Ажыццяўляюць традыцыйныя культурныя праекты – беларускія святы і абрады, фестывалі беларускай песні, чытання твораў беларускіх класікаў, урокі народнай творчасці, ушанаванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія змагаліся за вызваленне беларускай зямлі, і многія іншыя.
Дыяспаральныя арганізацыі з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў і конкурсаў, якія праводзяцца Рэспублікай Беларусь сярод беларусаў замежжа.
У красавіку 2020 года Чарнігаўская грамадская арганізацыя «Беларускае нацыянальна-культурнае таварыства «Сябры» пад кіраўніцтвам Старшыні Варажбіт Г.М. паспяхова прыняла ўдзел у конкурсе «Культура», праведзеным Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур Рэспублікі Беларусь, і была ўзнагароджана Дыпломам за папулярызацыю беларускай культуры ва Украіне, захаванне гісторыі і традыцый беларускага народа.
У рэгіянальных аб'яднаннях дзейнічаюць наступныя аматарскія творчыя калектывы: вакальны ансамбль беларускай песні «Купалінка» (Вінніца), этнаграфічны самадзейны калектыў «Беларускі матыў» (Адэская вобласць), ансамбль «Здравушка» (Днепрапятроўская вобласць), ансамбль «Родныя напевы» (Мікалаеўская вобласць), фальклорны ансамбль «Сяброўкі» (Чарнігаўская вобласць), калектыў моладзі «Купалінка» (Львоўская вобласць), вакальны ансамбль «Белыя росы» (Запароская вобласьць).
Украінская моладзь вывучае беларускую мову, літаратуру і нацыянальныя традыцыі на базе Цэнтра беларускай мовы і культуры імя Уладзіміра Караткевіча пры Інстытуце філалогіі Кіеўскага нацыянальнага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі.
Адкрыццё Цэнтра беларускай мовы і культуры адбылося ў 2009 годзе з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў рамках яго афіцыйнага візіту ва Украіну.
У 2011 годзе ў г.Кіеве каля Пасольства Рэспублікі Беларусь па вуліцы Міхаіла Кацюбінскага адкрыты помнік выдатнаму класіку беларускай літаратуры пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, лёс якога быў звязаны са сталіцай Украіны. А ў чэрвені 2013 года Цэнтру беларускай мовы і культуры прысвоена імя Уладзіміра Караткевіча.
Узначальвае Цэнтр Сцебліна Леся Мікалаеўна.
Штогод 26 лістапада ў дзень нараджэння У.Караткевіча кіраўніцтва і студэнты Цэнтра ўскладаюць да яго помніка кветкі.
У гэтым годзе будуць праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння класіка.
Беларускую мову таксама факультатыўна вывучаюць ва Усходнееўрапейскім універсітэце імя Лесі Украінкі ў г.Луцку і пры падтрымцы грамадскага аб'яднання беларусаў г.Мелітопаля ў адной са школ гэтага горада.
Узаемадзеянне органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх арганізацый Рэспублікі Беларусь і дыяспаральных арганізацый этнічных беларусаў замежжа рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2014 г. №162-З «Аб беларусах замежжа» і падпраграмай «Беларусы ў свеце» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016–2020 гады.
Пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь дзейнічае Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа, у якім штогод актыўны ўдзел бяруць прадстаўнікі Усеўкраінскага саюза беларусаў.
Аб грантах на навучанне ў Беларусі
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2018 г. № 232 «Аб грантах на навучанне» усталяваны парадак атрымання замежнымі грамадзянамі грантаў на навучанне ў Рэспубліцы Беларусь, які распаўсюджваецца як на вышэйшую, так і на сярэднюю спецыяльную адукацыю.